НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ВЫ́СТАВАЧНЫ ЦЭНТР «БЕЛЭ́КСПА» Пабудаваны ў 1989 у Мінску на праспекце Машэрава як павільён міжнар. выставак (кіраўнік аўтарскага калектыву арх. Л.Маскалевіч, арх. Г.Ласкавая, Г.Фядосенка, В.Капылоў, інж. Л.Валчэцкі, С.Майсеева, маст. Ю.Любімаў). З 1999 сучасная назва. Прызначаны для правядзення міжнар. выставак, навук.-тэхн. канферэнцый, кірмашоў, відовішчных мерапрыемстваў. Пяцівугольная ў плане выставачная зала (пралёт 70 м, унутр. выш. 10—17 м, пл. 3200 м²) перакрыта 5 гіпербалічнымі парабалоідамі, што надае збудаванню жывапіснасць і лёгкасць. Уключае таксама малую выставачную залу, распарадчы вестыбюль, адм. блок, залу для прэс-канферэнцый, кабінеты для камерц. цэнтра, пошту, міжнар. тэлефон, тэлеграф, кафетэрый і інш. Перад будынкам пастаўлена стэла (выш. 35 м) з гадзіннікам, завершаная скульптурай Меркурыя. Іл. гл. да арт. Архітэктура.
т. 11, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)